У Мінскім аблвыканкаме адбылося пасяджэнне 17-й пазачарговай абласной сесіі савета дэпутатаў 27-га склікання, на якім зацвердзілі на пасадзе старшыні Мінскага аблвыканкама Аляксея Кушнарэнку, перадае карэспандэнт БЕЛТА.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка назначыў Аляксея Кушнарэнку старшынёй Мінскага абласнога выканаўчага камітэта 31 сакавіка. У ходзе сесіі Мінскага абласнога Савета дэпутатаў актыву вобласці яго новага кіраўніка прадставіў прэм’ер-міністр Рэспублікі Беларусь Аляксандр Турчын, які да нядаўняга часу кіраваў цэнтральным рэгіёнам.
«Я рады гэтаму прызначэнню. Былі розныя кандыдатуры, але кандыдатура Аляксея Іванавіча, на мой погляд, найболей аптымальная. І рашэнне Прэзідэнта абсалютна дакладнае. Сёння мы разумеем, што такое Мінская вобласць для краіны. Гэта 19 працэнтаў ВУП, амаль 30 працэнтаў сельскай гаспадаркі, 20 працэнтаў прамысловасці і 25 працэнтаў інвестыцый. І ад працы Мінскай вобласці, як гэта неаднаразова агучваў і кіраўнік дзяржавы, залежыць праца ў цэлым нашай краіны», — адзначыў Аляксандр Турчын, выказаўшы ўпэўненасць, што Аляксей Кушнарэнка падтрымае дынаміку, якая ёсць у вобласці, надасць ёй паскарэнне, паглядзеўшы на многія рэчы новым поглядам.
“Я ўпэўнены, што з той камандай, якая ёсць у Мінскай вобласці, гэта будзе зрабіць прасцей”, – падкрэсліў Аляксандр Турчын.
Дэпутацкі корпус Мінскай вобласці аднагалосна падтрымаў Аляксея Кушнарэнку на яго новай пасадзе.
Звяртаючыся да прысутных, старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксей Кушнарэнка адзначыў, што перш за ўсё хацеў бы выказаць падзяку Прэзідэнту за аказаны высокі давер, а таксама дэпутацкаму корпусу вобласці за падтрымку.
«Для мяне вялікі гонар узначаліць Менскі абласны выканаўчы камітэт. Я разумею ўсю адказнасць, і я не маю ніякіх ілюзій. Разумею, што трэба араць, а для таго, каб араць эфектыўна, трэба на кагосьці абапірацца. І гэтую апору я бачу ў вас – актыве вобласці, а ў вашым твары – ва ўсіх яе жыхарах. Вынікі Мінскай вобласці знаходзяцца на высокім узроўні, вобласць актыўна развіваецца. У мяне ёсць добры прыклад – гэта Аляксандр Генрыхавіч, які працаваў з вамі ў эфектыўнай камандзе. Таму запэўніваю вас, што прыкладу ўсе сілы для таго, каб прадоўжыць тыя слаўныя традыцыі, якія ёсць у Мінскай вобласці. Я настроены на сумесную плённую працу», – адзначыў Аляксей Кушнарэнка.
Калектыў Мінскага аблвыканкама, а таксама дэпутаты выказалі падзяку за работу прэм’ер-міністру Рэспублікі Беларусь Аляксандру Турчыну, які ўзначальваў Мінскую вобласць на працягу больш як пяці гадоў.
«Усё ў жыцці ідзе наперад, усё мяняецца. І гэта новы этап развіцця. Я памятаю гэтую залу, хваляванне, калі ўступаў на пасаду старшыні Мінскага аблвыканкама. Пяць гадоў праляцелі хутка. Я ўпэўнены, што мы і надалей будзем рухацца наперад, а ўрад не будзе забывацца на Мінскую вобласць і ўсяляк дапамагаць. У нас усё атрымаецца», – рэзюмаваў Аляксандр Турчын.